З гiсторыi паходжання родных назваў

Страницы истории 31 января 17 2582
Kollaz_1_scale_800x600.

2017 год пройдзе ў Беларусі пад знакам навукі. Мне хочацца расказаць пра першыя крокі, якія сціпла робяць у навуку члены навуковай суполкі нашай школы. Ужо на працягу некалькі год мы, юныя філолагі, пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры В.Ч. Квецень даследуем паходжанне прозвішчаў жыхароў нашай мясцовасці, утварэнне назваў рэк, культавых каталіцкіх і праваслаўных збудаванняў Гро-дзенскай вобласці, назваў мясцовых дробных геаграфічных аб’ектаў. Вынікі нашых прац пяць год запар былі высока адзначаны даследчыкамі мовы, членамі журы рэспубліканскага конкурсу (канферэнцыі) работ даследчага характару. Мы неаднаразова былі ўдзельнікамі радыёперадач, дзе расказвалі слухачам аб паходжанні такіх знаёмых і родных нам усім з дзяцінства назвах.

У гэты раз хочацца падзяліцца з вынікамі чарговага нашага даследавання ў галіне мовазнаўства. Падчас вывучэння назваў населеных пунктаў нашага рэгіёна мы звярнулі ўвагу на тое, што пэўная група найменняў утварае процілеглыя антанімічныя пары: Масты Правыя – Масты Левыя (Мастоўскі р-н), Старыя Гемрнікі – Новыя Гемрнікі (Шчучынскі р-н). Нашы продкі мелі багаты слоўны запас і заўсёды маглі адшукаць непаўторную назву свайму населенаму пункту. Дык чаму ж ўзніклі такія назвы-дублёры? Нам захацелася знайсці адказ на гэтае пытанне. Шукалі яго ў розных артыкулах, даведніках. І як аказалася, тапанімічная антанімія нашага рэгіёна да сённяшняга часу, на жаль, не стала аб’ектам пільнай увагі мовазнаўцаў. Хоць значнасць проціпастаўленняў пры ўспрыманні свету падкрэсліваюць многія даследчыкі, мяркуючы, што ўжо першабытны чалавек спрабаваў упарадкаваць навакольны свет з дапамогай мноства апазіцый: жыццё – смерць, неба – зямля, дзень – ноч, свой – чужы, правае – левае і т.п.

Мы заўважылі, што на тэрыторыі нашай вобласці найбольш шырокае распаўсюджанне атрымала група назваў паселішчаў з процілеглымі кампанентамі вялікі – малы: Вялікія Баяры – Малыя Баяры (Шчучынскі р-н), Вялікія Канюшаны –Малыя Канюшаны (Лідскі р-н) і інш. Варта адзначыць, што словы вялікі – малы ў складзе назваў населеных пунктаў зараз не заўсёды ўказваюць на памер аб’екта, бо па розных сацыяльна-эканамічных прычынах у працэсе працяглага гістарычнага развіцця малыя населеныя пункты па сваіх памерах нярэдка пераўзыходзяць ранейшыя вялікія. У пераважнай большасці найменні падобнага ўтварэння існуюць звычайна ў межах аднаго раёна або сельсавета, прыкладна, на адлегласці ад 1 да 5 кіламетраў. Але трапляюцца і паселішчы, якія знаходзяцца на адлегласці звыш 10-20 км. Гэта сведчыць аб тым, што ў пошуках свабодных земляў ці па загадзе валадароў перасяленні адбываліся і на значныя адлегласці. Пашыраную групу складаюць назвы-антонімы, дзе геаграфічныя аб’екты супастаўлены па часе свайго ўзнікнення, аб чым сведчаць словы новы-стары: Большасць падобных назваў адзначана ў Шчучынскім раёне. Асобна варта звярнуць увагу на назвы паселішчаў з асновай двор: Стары Двор – Новы Двор (Шчучынскі р-н), якія з’яўляюцца адлюстраваннем спецыфікі сістэмы феадальнага землеўладання на беларускай тэрыторыі, што складвалася пад уплывам польскай сістэмы гаспадаркі і пад уздзеяннем гандлёвага капіталу. На тэрыторыі нашага раёна сустракаецца антанімічная пара назваў вёсак, дзе ў адным з найменняў з цягам часу адбылася страта процілеглага кампанента стары: Казакоўшчына (вар. Старая Казакоўшчына) – Новая Казакоўшчына. Рэльеф Гродзеншчыны адрозніваецца пераважнай раўніннасцю, аднак мы сустрэлі назвы, што абазначаюць паселішчы, якія часцей за ўсё размешчаны на высокіх ці ўзвышаных месцах і нізінах, панізоўях, у складзе назвы ўжываюцца азначэнні, што ўказваюць на процілегласць месцаразмяшчэння новага паселішча адносна першаснага: Нізкі Лядск – Лядск – Лядск Высокі (Шчучынскі р-н). Часам для адрознення назваў вёсак ужываюцца найменні бліжэйшых паселішчаў: .Дзікушскія Баяры  (в. Дзікушкі Лідскі р-н) – Смолацкія Баяры (в. Смолы Лідскі р-н), Жалудоцкія Баяры (в. Жалудок Шчучынскі р-н) – Лябёдскія Баяры (в. Лябёдкі Шчучынскі р-н) і інш.

Цікавасць выклікалі назвы вёсак у Навагрудскім і Зельвенскім раёнах: Дужае Поле – Добрае Поле – Горкае Поле, дзе азначальныя кампаненты адлюстроўваюць розную ступень урадлівасці глебы пэўнай мясцовасці. У Карэліцкім раёне існуюць назвы з колеравым супастаўленнем: Белая – Чорная. На Беларусі белымі называлі вёскі, якія належалі вяльможным князям, панам. Прыметнік чорны таксама мае сацыяльны сэнс: паселішча адно-сілася да разраду чорных зямель, якія ў адрозненні ад белых, панскіх, з’яўляліся ўласнасцю панскай абшчыны і абкладаліся падаткамі. Аднак сцвярджаць аб адназначнасці матывацыі гэтых апазіцыйных айконімаў, мы лічым, не варта. Арыентацыя па рэках замацавалася ў назвах вёсак: Свіслач – Верхняя Свіслач (Гродзенскі р-н), Ліда – Верх-Ліда (Лідскі р-н) і інш.якія размешчаны ў вярхоўях або нізоўях невялікіх рэчак Свіслач, Ліда (Лідзея). Традыцыі давання назваў мяняліся з цягам часу. У ХХ ст. у якасці процілеглых азначальных кампанентаў пачалі выкарыстоўвацца лічэбнікі, якія адлюстроўваюць паслядоўнасць засялення мясцовасці: Кушляны Першыя – Кушляны Другія (Смаргонскі р-н), Карыца 1 – Карыца 2 (Дзятлаўскі р-н) і інш. Хочацца адзначыць, што на тэрыторыі Воранаўскага раёна намі зафіксавана толькі адна поўная пара процілеглых назваў вёсак у Канвелішскім сельскім савеце: Малыя Лепі – Вялікія Лепі. Але існуюць назвы так званых няпоўных антанімічных пар назваў, у якіх з цягам часу страціўся адзін з кампанентаў: Германішкі – Малыя Германішкі, Канвелішкі – Малыя Канвелішкі, Гіркі – Высокія Гіркі, Смільгіні – Старыя Смільгіні. Мы лічым, што назвы-дублёры маглі даць толькі выхадцы з вёскі ці мястэчка, якія, перасяліўшыся на новае месца, давалі ранейшую, дарагую іх сэрцу, назву новаму населенаму пункту. Але паколькі з дзвюма аднолькавымі назвамі магла ўзнікнуць блытанасць, новую назву часткова змянялі — дадавалі да яе прыметнік з процілеглым значэннем.

Удзельнічаючы ў лінгвакраязнаўчых даследаваннях, кожны з нас, юных даследчыкаў нашай школьнай навуковай суполкі, адчувае асабістую значнасць у захаванні памяці пра мінулае. Мы разам прыадчыняем таямніцы нашай роднай мовы, глыбей даведваемся пра гісторыю нашага краю.

Кацярына Машкова,

вучаніца 11 класа Жырмунскай СШ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*