Месца, куды хочацца вярнуцца

29 июня 22 136
Месца, куды хочацца вярнуцца

Плануючы адпачынак, многія беларусы шукаюць цікавыя і прыгожыя месцы, у якіх можна было б атрымаць душэўную асалоду ад прыроды ды далучыцца да гісторыі роднага краю. Вы з іх ліку? Тады абавязкова заплануйце паездку ў Стаўбцоўскі раён. У 49-ці кіламетрах ад Мінска размясціўся парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”.

З “парога” адчуваецца, што ў Суле цябе чакае неверагоднае падарожжа ў мінулае. І насамрэч, праз некаторы час губляеш повязь з сучасным, адчуваеш сябе падарожнікам у часе.

Маршрут распрацаваны так, што перад турыстам прадстаюць знакавыя вехі беларускай гісторыі. Няблага зрабіць агляд тэрыторыі на ладдзі вікінгаў па рацэ — акінуўшы вокам наваколле, скласці ўяўную карту вандроўніка.

Свой шлях лепш пракладваць ад кромлеха — збудавання позняга неаліту ці ранняга бронзавага веку. Згадзіцеся, лагічна зрабіць першы крок ад самага “старажытнага” месца. Вельмі яркія эмоцыі пакідае рэканструяванае капішча. Тут не проста даведваешся, якім багам пакланяліся нашы продкі, у што верылі, але і сам можаш прайсці абрад ачышчэння агнём, паспрабаваць уявіць, што колісь адчуваў чалавек у такі момант.

Гонар за гісторыю роднага краю выклікаюць экспазіцыі, прысвечаныя адукацыі і асветніцтву на нашых землях, знаёмства са Статутам Вялікага Княства Літоўскага, зала шляхецкай славы.

Канешне ж, ні ў якім разе нельга абысці бокам музей былых гаспадароў Сулы — Ленскіх, каб пазнаёміцца са слаўным шляхецкім родам, з яго трагічным лёсам. Асобных слоў заслугоўвае ўсыпальніца-ратонда. Яна змяшчае шмат сакрэтаў, якія пакрысе адкрываюць энтузіясты-гісторыкі. Значным яе ўпрыгожваннем з’яўляецца цудатворны і ўнікальны абраз ХVІІІ стагоддзя.

Перадаць на фота і словам усе эмоцыі, якія выклікае інтэрактыўны музей гісторыі, немагчыма. Як кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Дзякуй за тур выхаднога дня ў адно з прыцягальных месц Радзімы раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Наша даведка

Стаўбцоўскі раён увогуле багаты на памятныя месцы. У горадзе Стаўбцы можна паглядзець царкву Святой Ганны, будынак чыгуначнай станцыі пачатку ХХ стагоддзя. У Вішняўцы варта наведаць уніяцкую царкву Раства Іаана Хрысціцеля, у Новым Свержані — касцёл Святых Пятра і Паўла (XVII ст.), у аг. Рубяжэвічы захаваўся касцёл Святога Іосіфа і сад камянёў.

У раёне знаходзіцца “Коласаўскі заказнік” — мемарыяльныя сядзібы ў месцах, дзе нарадзіўся, жыў і тварыў пісьменнік Якуб Колас. У год 140-годдзя класіка, варта наведаць музеі ў Акінчыцах, Смольне, Ластку, Альбуці. Маёнткі аб’яднаны ў адзіны мемарыяльны комплекс “Шлях Коласа”.

У сядзібе Дзяржынава ёсць мемарыяльны музей у гонар Ф.Э. Дзяржынскага, які нарадзіўся і рос у гэтых краях.

изображение_viber_2022-12-23_12-53-53-273.jpg

изображение_viber_2022-12-23_12-53-53-490.jpg

изображение_viber_2022-12-23_12-53-53-703.jpg

изображение_viber_2022-12-23_12-53-56-525.jpg

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавление комментария
CAPTCHA
*