Сельская бібліятэка — духоўны і культурны цэнтр Канвелішак

15 сентября 23 400

1C9A7193.JPG
Сельская бібліятэка, несумненна, з’яўляецца сэрцам аграгарадкоў і вёсак. Яна з’ядноўвае землякоў, улюбёных у кнігу, развівае дзятву, насычаючы яе час цікавымі забавамі. А яшчэ яе гаспадары —бібліятэкары — па крупінках збіраюць і занатоўваюць матэрыялы пра гісторыю малой радзімы, прапагандуюць іх сярод сваіх чытачоў, каб тыя ганарыліся сваімі каранямі, не адрываліся ад роду і не цураліся роднай зямлі і мовы. На такіх прынцыпах і мацуецца праца Канвелішскай сельскай бібліятэкі, дзе заўжды прыветліва сустракае землякоў вопытны бібліятэкар Таццяна Сініцкая.

Напярэдадні прафесійнага свята журналісты раённага выдання завіталі ў госці да Таццяны Стэфанаўны. У гэты час жанчына падбірала кнігі для самага пастаяннага чытача Рамана Беня, які з’яўляецца сябрам бібліятэкі ўжо 38 (!) год. У іх ліку — беларускі аўтар Аляксей Карпюк, гістарычныя нататкі Міколы Ермаловіча, нядаўна ўбачыўшая свет другая частка выдання “Генацыд беларускага народа”.

— Люблю змястоўную літаратуру, — патлумачыў Раман Уладзіслававіч, убачыўшы нашу зацікаўленасць яго чытальніцкім густам. — Звычайна гэта выданні пра гісторыю, краязнаўства, мастацтва, палітыку, прыроду, спорт. Я і сам сабраў дома багатую бібліятэку, але, зразумела, усе навінкі не прыдбаеш. Вось тут на дапамогу і прыходзіць наша Таццяна Стэфанаўна. Яна вельмі любіць сваю справу, ведае ўсе запыты сваіх чытачоў, таму прапанаваная ёю літаратура заўжды прыходзіцца дарэчы.

Арганізоўвае бібліятэкар і цудоўныя выставы кніг. Не-не ды і кінецца ў вока якаясьці цікавая навінка. Што тут утойваць, магчымасці вясковай бібліятэкі не такія, як гарадской, але Таццяна Стэфанаўна прыкладае ўсе намаганні, каб чытач быў задаволены. Не раз за кнігамі для мяне і іншых вяскоўцаў адпраўляецца ў раённую бібліятэку, за што ёй мы вельмі ўдзячны. Да таго ж, яна праводзіць асветніцкую працу сярод дзяцей, запрашае іх на розныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Упэўнены, што работа нашага бібліятэкара мае водгук у сэрцах чытачоў. Плёну ёй у працы, творчага натхнення і прафесійнага запалу!

1C9A7205.JPG

Пасля запісу абраных кніг у фармуляр Раман Уладзіслававіч развітаўся з намі.

— Такіх чытачоў, якія любяць глыбокую літаратуру, адзінкі, — распавяла бібліятэкар з пятнаццацігадовым працоўным стажам. — У асноўным у маіх чытачоў запатрабавана масавая літаратура — жаночыя раманы і дэтэктывы. Звыкла людзі хочуць вольны час бавіць за кнігай, якая, як кажуць, расслабляе.

Большая частка наведвальнікаў бібліятэкі — людзі сталага ўзросту. З маладосці яны чыталі кнігі, і гэтая звычка засталася і цяпер. Шкадуе Таццяна Сініцкая, што з кола аматараў кнігі выпадаюць школьнікі сярэдняга і старэйшага звяна, якія аддаюць перавагу скарочаным варыянтам твораў, з якім знаёмяцца ў інтэрнэце. Таму стараецца заахвоціць іх кнігай з самага маленства. Сельская бібліятэка супрацоўнічае з дзіцячым садком. Малыя — частыя госці ў скарбніцы ведаў. Для іх выстаўляеццца спецыяльная літаратура з лялькамі, якія нагадваюць герояў казак, для тактыльнай камунікацыі. А яшчэ Таццяна Стэфанаўна прадугледжвае для дзетак інтэрактыўныя гульні. Асабліва яны любяць ценявы тэатр, які развівае іх уяўленне і творчыя памкненні. Бібліятэкар спадяецца, што пасля такіх сустрэч яны папросяць дома ў бацькоў прачытаць тую ці іншую кнігу.

— Заўважыла такую заканамернасць, што дзеці, якія добра чытаюць у пачатковых класах, не забываюць дарогу ў бібліятэку, — дзеліцца Таццяна Стэфанаўна. — Самая верная наша сяброўка, якая заўжды прачытвае ўсе кнігі, зададзеныя настаўнікамі на лета, — гэта Ксенія Пільжыс. Звычайна яна бярэ літаратуру не толькі для сябе, але і для ўсёй сям’і. Вельмі рада, што ў мяне ёсць такія чытачы!

1C9A7196.JPG

У абавязках бібліятэкараў — прыносіць кнігу людзям да дому, здзяйсняючы падворны абыход. Таццяна Сініцкая заглядвае ў чатыры вёсачкі, самая далёкая адлегласць ад Канвелішкаў — шэсць кіламетраў. Такія падарожжы двойчы ў тыдзень бібліятэкар робіць з карысцю. У сваіх сталых чытачоў яна цікавіцца гісторыяй канвелішскага краю. І ўжо назбірала багаты матэрыял. Дарэчы, у землякоў ён запатрабаваны, асабліва іх цікавіць гісторыя мясцовага касцёла. Дзецям найбольш цікавы сабраныя Таццянай Стэфанаўнай друкаваныя артыкулы ў “Воранаўскай газеце” пра аднавяскоўцаў, бо іх героямі сталі родныя, знаёмыя, суседзі.

1C9A7200.JPG

Зараз бібліятэкар рэалізуе раённы краязнаўчы праект “Маленькі горад — вялікая гісторыя”, які адкрывае перад мясцовымі жыхарамі багатую спадчыну продкаў. Раскрывае сакрэты паходжання населеных пунктаў, знаёміць з мясцовымі абрадамі і стравамі, знакамітымі землякамі.

— Вельмі хочацца, каб нашы дзеці шчыра любілі свой край, раслі патрыётамі і не зарастала ў іх сцежка да бацькоўскага дому, — падагуліла Т.С. Сініцкая і на развітанне адрасавала віншавані калегам: — Творчага ўсім запалу, цікаўных і неабыякавых чытачоў. Няхай вам шчасціць у працы і па жыцці!

1C9A7190.JPG

1C9A7211.JPG

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

Канвелішскую сельскую бібліятэку наведвае 250 чытачоў, у тым ліку — 79 дзяцей. Бібліятэчны фонд складае каля васьмі тысяч экзэмпляраў.


Добавление комментария
CAPTCHA
*